СЛО́НІМСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1795—97. Цэнтр — г. Слонім. Утварэнне губерні абвешчана 25.12.1795 пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) з зямель Навагрудскага, Гродзенскага, Віленскага і Брэсцкага ваяв. ВКЛ, якія напачатку ўвайшлі ў Гродзенскую (Ваўкавыскі, Брэсцкі, Гродзенскі, Навагрудскі, Пінскі, Слонімскі пав.) і Віленскую (Лідскі пав.) «часткі» (акругі), але рашэнне не рэалізавана. 2-і раз губерня створана ўказам ад 8.8.1796. Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. Афіцыйна пачала дзейнічаць з 8.9.1796 у якасці намесніцтва. Адміністрацыя і суд працавалі паводле «Устанаўлення для кіравання губерняў» 1775 пад апеляцыяй Сената. Указам Кацярыны II 12.12.1796 (сенацкім ад 6.2.1797) зліта з Віленскай губерняй у адзіную Літоўскую губерню.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 15, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)